Posted in Беларускі Гісторыя, Белорусский театр | Нет комментариев

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы – старэйшы тэатр Беларусі (адкрыўся 14 верасня 1920г.). Першапачаткова ў складзе тэатра: беларуская, руская і яўрэйская трупы, а таксама хор, балетная трупа, сімфанічны аркестр. Аснову тэатра склалі акцёры “Першага беларускага таварыства драмы і камедыі” пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча. Сярод першых пастановак – спектаклі, створаныя па творах беларускіх аўтараў з выкарыстаннем сюжэтаў на гістарычныя тэмы, зварот да беларускага фальклору. З прыходам у тэатр рэжысёра, драматурга і мастацкага кіраўніка Еўсцігнея Міровіча пачынаецца прафесійны ўзлёт калектыву. Плеяду артыстаў, якія надалей сталі гонарам нацыянальнай акцёрскай школы, стваралі Глеб ГлебаўБарыс ПлатонаўЛідзія РжэцкаяУладзімір КрыловічІрына ЖдановічУладзімір УладамірскіУладзімір Дзядзюшка. У рэжысуру прыходзяць Леанід РахленкаМіхаіл ЗораўКанстанцін СаннікаўЛеў Літвінаў. Пашыраецца рэпертуар, ускладняецца ўзровень пастановак.
Афіцыйнае прызнанне і ўсесаюзную славу тэатру прынесла Дэкада беларускага мастацтва ў Маскве (1940). Акцёрская трупа афіцыйна абвешчана адной “з лепшых у СССР” . Тэатру надаецца імя вялікага беларускага паэта і драматурга Янкі Купалы (1944), праз дзесяць гадоў – званне “Акадэмічнага” (1955).
Сучасны перыяд Купалаўскага тэатра бярэ пачатак у 60-я гады і звязаны з творчасцю рэжысёра і мастацкага кіраўніка тэатра Валерыя Раеўскага.
Знакамітая “адліга” 60-х гадоў, якая адгукнулася ўздымам у грамадстве і культуры, прыўнесла і ў Купалаўскі тэатр новы подых. Пастаноўкі Б.Эрына, а таксама маладых і яркіх рэжысёраў новай хвалі: Б.Луцэнкі і В.Раеўскага, аб’ядноўваюць лепшыя традыцыі тэатра і наватарства. Сапраўднай падзеяй не толькі ў тэатральным, але і ў грамадскім жыцці рэспублікі становіцца спектакль “Што той салдат, што гэты”, пастаўлены В.Раеўскім па п’есе Б.Брэхта (1969).
Вучань Ю.Любімава і У.Маланкіна, В.Раеўскі прапаноўвае тэатру новы стыль, які заснаваны на філасофіі свабоды – свабоды перакананняў і свабоды выяўлення. Яркая і паэтычная тэатральная мова, разняволеная форма, вострая праблематыка пастановак спалучаюцца з высокім класічным стылем тэатра. На стыку акадэмізму і эксперыменту нараджаецца непаўторнасць Купалаўскага тэатра, яго своеасаблівасць, адметнасць.
Метафарычнасць спектакляў В.Раеўскага вызначаецца яго творчым супрацоўніцтвам з мастаком Барысам Герлаванам, які ідзе па шляху стылізацыі сцэнічнага асяроддзя і прапануе мастацкія вырашэнні, у аснове якіх – адзіны маляўнічы вобраз спектакля, выяўленне яго галоўнай ідэі.
Усеагульнай славе тэатра спрыяюць майстэрства і талент выдатных акцёраў Стэфаніі СтанютыЗдзіслава СтомыГаліны МакаравайПаўла Кармуніна, З.Браварскай, Мікалая Яроменкі, Г.Гарбука, Г.Аўсяннікава, Ліліі Давідовіч, М.Захарэвіч, В.Тарасава, А.Мілаванава, Г.Талкачовай, В.Белахвосціка і шмат інш.
Сярод шырокай рэпертуарнай палітры, якая ўключае і сучасныя п’есы, і жанравыя пастаноўкі, рускую і замежную класіку, асаблівую ролю іграе нацыянальная драматургія, на аснове якой створаны лепшыя спектаклі тэатра. Імёны выдатнага беларускага пісьменніка В.Быкава, драматургаў А.Макаёнка, І.Чыгрынава, М.Матукоўскага, А.Дударава ўвайшлі ў гісторыю Купалаўскага тэатра.
Калектыў тэатра на працягу апошніх дзесяцігоддзяў прызнаны сусветнай тэатральнай грамадскасцю, аб чым сведчыць геаграфія шматлікіх міжнародных фестываляў і конкурсаў: Расія, Украіна, Літва, Латвія, Эстонія, Малдавія, Балгарыя, Польшча, Славенія, Іспанія, Францыя, Англія, Егіпет.