Купалы Тэатр

ГІСТОРЫЯ

Як сведчаць архівы, у 1887 г. пасля пажару, які здарыўся ў былым гарадскім тэатры, адбылося пасяджэнне гарадской Думы ў падтрымку ініцыятывы мінскага тагачаснга губернатара князя М.М.Трубяцкога аб пабудове новага тэатра. Архітэктармі праекту былі прызначаны Караль Казлоўскі і Канстанцін Увядзенскі.
Урачыстая закладка адбылася 26 чэрвеня 1888 года (па ст. ст.). Вялікі князь Уладзімір Аляксандравіч і Вялікая княгіня Марыя Паўлаўна, як адзначыў гісторык А.Смародскі, кінулі на месца падмурка некалькі залатых манет і паклалі на іх па цагліне. Протаіерэй Петрапаўласкай царквы Смоліч адслужыў малебен. Губернскі тэатр адкрыўся 5 чэрвеня 1890 г.
Мінская сцэна ў той час прымала лепшыя пецярбургскія і маскоўскія трупы, цэлае сузор’е славутых артыстаў, сярод якіх М.Савіна, вучаніца М.Шчэпкіна Г.Фядотава, знакамітыя В.Далматаў, В.Камісаржэўская, К.Варламаў, У.Давыдаў, А.Южын, М.Петыпа… Гледачам пашчасціла стаць сведкамі творчых пошукаў рэжысёра-наватара Ус.Мейерхольда, які ў 1908 г. паставіў на сцэне губернсакага тэатра п`есу А.Блока “Балаганчык”. Неаднойчы тэатр наведвалі ўкраінскія трупы М.Старыцкага, М.Крапіўніцкага, Саксаганскага; яўрэйскія і польскія вандроўныя трупы.

1 мая 1917 г. артысты “Першага беларускага таварыства драмы і камедыі”, створанага акцёрам і рэжысёрам Фларыянам Ждановічам, прадставілі мінскаму гледачу “Паўлінку” Я.Купалы і “У зімовы вечар” паводле Э.Ажэшкі.

Урачыстае адкрыццё Беларускага Дзяржаўнага Тэатра (БДТ) адбылося 14 верасня 1920 г. у памяшканні Мінскага гарадскога тэатра. У праграме адкрыцця першага тэатральнага сезона — інсцэніроўка аповесці Э.Ажэшкі “Рысь” у выкананні беларускай трупы, п`еса Шолам-Алейхема “Людзі” (яўрэйская трупа), “Вяселле” А.Чэхава (руская трупа).

Аснову маладога тэатра склалі акцёры “Першага беларускага таварыства драмы і камедыі” пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча: І.Ждановіч, Г.Грыгоніс, Е.Міронава, К.Саннікаў, С.Станюта. Плеяду піянераў купалаўскай сцэны ў хуткім часе папоўнілі У.Крыловіч, Л.Ржэцкая, Б.Платонаў, В.Пола, В.Галіна, У.Уладамірскі, М.Зораў, Г.Глебаў, С.Бірыла, Л.Рахленка… Гэтаму легендарнаму пакаленню было наканавана стаць першымі “зоркамі” айчыннай сцэны, заснавальнікамі нацыянальнай акцёрскай школы, а тэатру — набыць славу акцёрсакага дома.

У 1921 г. урад надаў маладому тэатру званне ”Акадэмічнага”, каб узняць прэстыж беларускай культуры (на той час беларуская трупа з`ўлялася адзіным гаспадаром памяшкання), але шыльда ўпрыгожвала тэатр нядоўга.
З 1926 г. БДТ стаў называцца БДТ-1 (беларускія дзяржаўныя тэатры былі адкрыты ў Віцебску — БДТ-2, пазней у Гомелі — БДТ-3).
У сезоне 1926-1927 гг. у памяшканні Краснай Залы дзейнічала Малая сцэна, як філіял асноўнай. Яна праіснавала толькі год і выкарыстоўвалася для спектакляў з невялікай колькасцю дзеючых асоб. Тут ставіліся п`есы “Эльга” Гаўптмана, “Зялёны какаду” Шніцлера, “Пінская шляхта” Дуніна-Марцінкевіча.
Спектаклем “Вільгельм Тэль” Заяіцкага ў апрацоўцы Міровіча і перакладзе Крыловіча тэатр у 1926г. заснаваў дзіцячы рэпертуар.
Самабытнасць мастацкага аблічча вызначала арыгінальная беларуская драматургія. Творы Купалы і Родзевіча, Аляхновіча і Галубка,Каганца і Чарота, Гартнага, Гарбацэвіча, Дылы, пазней — Чорнага, Крапівы, Шашалевіча, Бядулі, Самуйлёнка захаплялі гледача стыхіяй нацыянальнага жыцця,развівалі любоў і густ да сакавітага слова, мелодыкі яго гучання. Калектыў арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі, якія дапаўнялі антураж спектакляў вырабамі народных майстроў.
Інтанацыйна-меладычную аснову фальклора шчодра выкарыстоўвалі ў спектаклях кампазітары Тэраўскі і Маркевіч; пазней Цікоцкі, Туранкоў і Залатароў пісалі арыгінальную музыку, сярод якіх вядомая песня “Купалінка” Тэраўскага, якая ўпершыню прагучала ў 1920 г. у спектаклі “Паўлінка” і ўспрымалася, як народная.
Вызначэнне напрамкаў і шлях развіцця тэатра з 1921 па 1931 гг. належыў Еўсцігнею Міровічу, рэжысёру, акцёру, драматургу, мастацкаму кіраўніку. Сапраўдны творчы поспех і славу ў шырокага гледача прынеслі яго першыя пастаноўкі “На Купалле” і “Машэка”.
Е.Міровіч сцвярджаў праграму “стракатага тэатра”: паралельнага засваення розных стылевых манер і мастацкіх плыняў. Алегарычнае дзеянне “Гімн працы” Андрыенкі ён вырашае ў духу рэвалюцыйных масавых святкаванняў. Гістарычную меладраму “Кастусь Каліноўскі” — у традыцыях бытавога, рэалістычнага мастацтва, камедыю-балет “Мешчанін у шляхецтве” Мальера — як гратэскную буфанаду. Наогул Е.Міровіч сцвярджаў прынцыпы аўтарскай рэжысуры і напісаў шмат п`ес для тэатра, пастаноўкі якіх станавіліся этапнымі .
Аднадумцам Е.Міровіча быў выхаванец пражскай мастацкай школы, заснавальнік беларускай сцэнаграфіі Оскар Марыкс. Ён аддаваў перавагу на сцэне бутафорскім макетам, жывапісным плоскасным заднікам, стылізаваным касцюмам.
Святочную экзотыку яго рашэнняў у пачатку 1930-х гг. змяніў “суровы стыль” Д. Крэйна, аскетызм і рацыянальнасць якога больш падыходзілі да афармлення індустрыяльных п`ес і сучасных драм аб станаўленні маладой дзяржавы.
Да 1927 г. у склад тэатра уваходзілі: хор ( кір. Тэраўскі), балетная трупа ( кір. Алексютовіч) і сімфанічны аркестр (дыр.Купер, Субашаў, Міхайлаў).Усе яны вялі паралельна самастойную канцэртную дзейнасць. На сцэне той пары гледачы бачылі фрагменты з опер “Князь Ігар” Барадзіна, “Зачараваны лес” Дрыго, “Фея лялек” Байера. У хуткім часе аматары опернага мастацтва змаглі атрымаць асалоду слухаць “Русалку” Даргамыжскага ў выкананні салістаў хору (пераклад на беларускую мову Ф.Ждановіча, пастаноўка Селяха). Першай спробай да ўвасаблення арыгінальнай беларускай камічнай оперы з`віўся твор Аладава “Тарас на Парнасе” (лібрэта Дрэйзіна).
У той жа час Алексютовіч спрабуе ставіць першы нацыянальны балет “У чэрвеньскую ноч” (лібрэта і музыка Алексютовіча і Маркевіча). Беларускі дзяржаўны тэатр, такім чынам, падрыхтаваў глебу для з`яўлення нацыянальнага тэатра оперы і балета ў 1933 г.. урачыстае адркыццё якога зноў жа адбылося на сцэне БДТ…
У 1933 г. урачыстае адкрыццё нацыянальнага тэатра оперы і балета зноў жа адбываецца на сцэне нашага тэатра.
У 1940 г. тэатр узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Як да ўласных вытокаў вяртаўся неаднойчы БДТ да пастановачных форм музычна-драматычнага спектакля на беларускім матэрыяле. Менавіта ў такіх класічных традыцыях у 1944 г. рэжысёр Леў Літвінаў паставіў славутую “Паўлінку” Янкі Купалы ( прэм`ера адбылася ў г.Томску, калі тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі ў гады Айчыннай вайны). Гэты спектакль захоўваецца ў рэпертуары тэатра і сёння. У гэтым жа годзе тэатру надаецца імя вялікага беларускага паэта і драматурга Янкі Купалы, а ў 1955 годдзе — званне «Акадэмічнага».
Сучасны перыяд Купалаўскага тэатра бярэ пачатак у 60-я гады і звязаны з творчасцю рэжысёра і мастацкага кіраўніка тэатра Валерыя Раеўскага.
Знакамітая «адліга» 60-х гадоў, якая адгукнулася ўздымам у грамадстве і культуры, прыўнесла і ў Купалаўскі тэатр новы подых. Пастаноўкі Барыса Эрына, а таксама маладых і яркіх рэжысёраў новай хвалі: Барыса Луцэнкі і Валерыя Раеўскага, аб’ядноўваюць лепшыя традыцыі тэатра і наватарства. Сапраўднай падзеяй не толькі ў тэатральным, але і ў грамадскім жыцці рэспублікі становіцца спектакль «Што той салдат, што гэты», пастаўлены В.Раеўскім па п’есе Б.Брэхта (1969).

Вучань Ю.Любімава і У.Маланкіна, В.Раеўскі прапаноўвае тэатру новы стыль, які заснаваны на філасофіі свабоды — свабоды перакананняў і свабоды выяўлення. Яркая і паэтычная тэатральная мова, разняволеная форма, вострая праблематыка пастановак спалучаюцца з высокім класічным стылем тэатра. На стыку акадэмізму і эксперыменту нараджаецца непаўторнасць Купалаўскага тэатра, яго своеасаблівасць, адметнасць.
Метафарычнасць спектакляў В.Раеўскага вызначаецца яго творчым супрацоўніцтвам з мастаком Барысам Герлаванам, які ідзе па шляху стылізацыі сцэнічнага асяроддзя і прапануе мастацкія вырашэнні, у аснове якіх — адзіны маляўнічы вобраз спектакля, выяўленне яго галоўнай ідэі.
Усеагульнай славе тэатра спрыяюць майстэрства і талент выдатных акцёраў Стэфаніі Станюты, Здзіслава Стомы, Галіны Макаравай, Паўла Кармуніна, Зінаіды Браварскай, Мікалая Яроменкі, Генадзя Гарбука, Генадзя Аўсяннікава, Ліліі Давідовіч, Марыі Захарэвіч, Віктара Тарасава, Аўгуста Мілаванава, Галіны Талкачовай, Валянціна Белахвосціка і шмат інш.
Сярод шырокай рэпертуарнай палітры, якая ўключае і сучасныя п’есы, і жанравыя пастаноўкі, рускую і замежную класіку, асаблівую ролю іграе нацыянальная драматургія, на аснове якой створаны лепшыя спектаклі тэатра. Імёны выдатнага беларускага пісьменніка В.Быкава, драматургаў А.Макаёнка, І.Чыгрынава, М.Матукоўскага, А.Дударава ўвайшлі ў гісторыю Купалаўскага тэатра. У 1993 годзе за высокія дасягненні ў галіне развіцця беларускай тэатральнай культуры Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь тэатру імя Янкі Купалы быў прысвоены статус “Нацыянальны”.
Сёння Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы займае вядучае палажэнне ў тэатральным жыцці Беларусі. Гэта сапраўдная крыніца нацыянальнай драматургіі, смелага мастацкага пошуку, скарбніца тэатральных талентаў.

На сцэне тэатра працягваюць працаваць вядучыя майстры беларускай сцэны, гордасць тэатральнага мастацтва: народныя артысты СССР, Лаўрэаты Дзяржаўных прэмій СССР, БССР і Рэспублікі Беларусь, народныя і заслужаныя артысты Беларусі. Трэцюю частку купалаўскай трупы складае таленавітая моладзь.
Тэатр старанна захоўвае нацыянальныя тэатральныя традыцыі (неўміручая “Паўлінка” Я.Купалы жыве ўжо больш за 65 гадоў), першым ідзе на смелыя рэжысёрскія і сцэнаграфічныя эксперыменты. Найбольш яскравыя прэм’еры апошніх гадоў “Эрык XIV“ А.Стрындберга, “Чычыкаў” паводле драматычнай паэмы М.Гогаля “Мёртвыя душы”, “Сымон-музыка” Якуба Коласа, “Дзікае паляванне караля Стаха” Ул.Караткевіча, “Вечар” А.Дударава, “Востраў Сахалін” А.Чэхава, “Маэстра” М.Ладо, “Макбет” У.Шэкспіра, “Дзеці Ванюшына” С.Найдзёнава, “Пінская шляхта” В.Дуніна-Марцінкевіча.

Купалаўскі з’яўляецца сапраўднай візітнай карткай Беларусі на міжнароднай арэне. За апошнія гады ён стаў лаўрэатам і пераможцам шэрагу Міжнародных тэатральных фестываляў, з вялікім поспехам гастраляваў у Польшчы, Эстоніі, Украіне, Расіі, Фінляндыі.